Экскурсія "Хатынь" - "Курган Славы"

07.05.2018

У гісторыі кожнага народа ёсць такія старонкі, пра якія балюча ўспамінаць, але і забыць пра іх нельга. Для нас, беларусаў, гэта Вялікая Айчынная вайна, якая забрала кожнага трэцяга яе жыхара.

Напярэдадні 73-яй гадавіны з дня Перамогі вучні ДУА “Асаўская сярэдняя школа” вырашылі наведаць тыя значныя месцы, якія сведчаць пра мужнасць, гераізм народа, а таксама пра людзей, якія так і засталіся ў памяці кожнага з нас.

Першым прыпынкам нашай экскурсіі быў Курган Славы. Ужо само слова “слава” гаворыць за сябе. Убачыўшы гэты Курган у вучняў адразу ж узнікла шмат пытанняў. Колькі часу спатрэбілася для ўзвядзення Кургана? Як яго ўзводзілі? Што азначаюць чатыры штыкі на яго версе? На ўсе гэтыя пытанні нам адказаў Каханоўскі Валерый Васільевіч, наш экскурсавод. Гледзячы на гэты Курган у падручніках, не ўяўляеш той велічы, якая захапляе сваёй прыгажосцю, магутнасцю, стойкасцю. Людзям спатрэбілася два гады, каб узвесці такі магутны Курган. Прычым, як мы даведаліся, гэты насып быў зроблены ўручную. Мабыць, такім чынам людзі хацелі выказаць пашану тым, хто абараняў свой народ, нават цаною асабістага жыцця. Вышыня Кургана таксама ўражвае (насып – 35 м, штыкі – 35,6 м). Падымаючыся, кожны з нас хацеў палічыць прыступкі. Але гэта ўдалося не кожнаму. Перад намі адкрываўся непаўторны краявід ваколіц Мінска. Звычайна мы падымаемся з нейкай цяжкасцю, але гэтыя 241 прыступкі здаліся для нас лёгкімі, мабыць, таму што жывем у мірны час. На самым версе мы ўбачылі чатыры штыкі, якія падымаюцца ў неба (сімвал 4 франтоў, якія сталі моцай савецкай арміі). Здаецца, яны заклікаюць кожнага з нас паглядзець, запомніць і зберагчы гэтае чыстае, светлае і мірнае неба.

Наступным прыпынкам нашага падарожжа быў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Гэтую вёску, як і шмат іншых, ужо ніхто не знойдзе на карце краіны, яна існуе, як памяць пра мужнасць і непераможнасць нашага народа. Першае, што мы ўбачылі – маўклівы надпіс вёскі высечаны на камні. Павярнуўшы ў бок вёскі, ужо можна было адчуць трывогу, якую недзе далёка перадавалі званы. У сакавіку мы ўжо бачылі вёску, але яна была на экране манітора. Тады яна здавалася маленькай. Зараз жа яна паўстала перад намі ва ўсім сваім трагізме. У гэтай вёсцы ўсё нагадвае пра 22 сакавіка 1943 года, дзень, калі заціхлі галасы жанчын, дзяцей, сталых людзей. Вёска налічвала 26 двароў: 149 жыхароў, з іх 75 дзяцей. Усе яны былі абманам загнаны ў невялікі сарайчык, замкнёны і падпалены. Можна толькі ўявіць, як людзі змагаліся за жыццё, як яны вырываліся на волю, як ратавалі сваіх дзяцей. Многія суседнія вёскі чулі гэты гул, крыкі, пах смерці. Хатынь была ў акружэнні, таму ніхто не змог туды прабіцца. Людзі ў сарайчыку ўсё ж такі адчынілі дзверы, але іх ўжо чакалі фашысты з аўтаматамі. Пасля такога зверства вёска была спалена. Усё што засталося ад вёскі – пячныя трубы хат. Зруб, пячная труба, дарожка, калітка – усё, што засталося ад хат сёння. На кожным доме знаходзяцца надпісы з імёнамі людзей, якія тут жылі. Ужо ніхто не зойдзе ў хату, не прывітаецца, не сядзе за стол, не пагрэецца каля печкі…

Хатынь не адзіная вёска, якая была знішчана. Усяго было спалена 186 вёсак. Пра гэта сведчаць могілкі вёсак, якія не адрадзіліся і зніклі, але засталіся ў памяці людзей. Прайшоўшы ў глыб вёскі мы падышлі да “Сцяны памяці”, якая мае даўжыню 128 м. і змяшчае 66 ніш з назвамі гарадоў, вёсак, у якіх былі забіты мірныя людзі.

Акрамя могілак вёсак, ёсць “Дрэвы жыцця”, на якіх змешчаны назвы мястэчак, адстроеных і адрадзіўшыхся пасля вайны. Шэсць дрэў – шэсць абласцей краіны. Пашана і слава такім людзям, якія знайшлі ў сабе сілы і моц прадаўжаць жыццё ў тых месцах, дзе толькі што была вайна. Вучні з цікавасцю разглядалі назвы вёсак і знайшлі дзве сястры Хатыні: вёскі Варані і Беразцы Столінскага раёна (апошняя ў сённяшні час у складзе Пінскага раёна).

Прайшоўшы яшчэ некалькі дзясяткаў метраў мы падышлі да вечнага агню і ўвекавечылі хвілінай маўчання ўсіх загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне.

Скульптура “Непакорны чалавек” нагадвае нам пра жыццё аднаго з выжыўшых жыхароў, які на руках трымае свайго сына. Калі прыгледзіцца да скульптуры, то можна заўважыць усю боль, смутак, трывогу народа, але ў той жа час непакорнасць і моц.

Вянец Памяці – наказ загінуўшых жывым і адказ жывых загінуўшым, каб кожны з нас ведаў цану свабоды і памятаў, як яна дасталася.

Увесь час, праз кожныя 30 секунд, даносіўся звон, які разліваўся ў нашых сэрцах прыемным і той жа час смутным водгукам памяці і спачування.

Гэтая паездка адкрыла нам разуменне таго, што патрэбна помніць сваё мінулае, берагчы яго і рабіць усё, каб у нашым жыцці ніхто і ніколі не ведаў, што такое вайна. Вяртаючыся дадому, мы ехалі ў поўнай цішыні. Пачутае і ўбачанае выклікала вялікае ўражанне і адначасова падзяку тым людзям, якія цаною асабістага жыцця, падаравалі нам светлае і мірнае будучае.

Клімовіч Г.В., Квятко Ю.М., настаўнікі школы